Друзья! В последнее время в профессиональной среде идёт активная полемика о том, нужны ли библиотеки обществу, а если нужны, то в каком качестве - обычное книгохранилище, культурный центр, медиатека, игротека, объединённая со школьной или что-то другое?
Журналисты газеты "Культура" Евгений Рагин, Юрий Чернякевич и Кастусь Антонович предлагают читателям газеты подумать над этим и высказывают свою точку зрения. (ссылка на статью ЗДЕСЬ)
Как библиотекарь, я не могу пройти мимо этой темы и думаю, что нам всем будет интересно и полезно поразмышлять над нашим профессиональным будущим. В конце поста предлагаю оставить свои комментарии. Если вы даже и не зарегистрированы, можете оставить своё мнение под ником "Анонимный". Ваши комментарии обещаю переслать журналистам в газету. Давайте будем активными, а то получается, что наша профессиональная проблема интересна всем, кроме нас, библиотекарей. Или нет?
Так как газета печатается на белорусском языке, я не буду переводить текст - если кому что будет непонятно - пользуйтесь переводчиком, а других приглашаю в невероятно красивый мир беларускай мовы:
Усё, што маю за душой...
Яўген РАГІН |
Спачатку прэамбула. Колішні аднакласнік нядаўна запытаўся: “Ну, і што далі табе твае кніжкі?” Я абразіўся: “Ды ўсё, што маю сёння за душой!” Жыву сярод кніг. Сваіх і чужых. Як дорага яны дастаюцца… Гадоў трыццаць таму дзяды-газетчыкі прымусова прадалі мне сямідзесяцікапеечныя “Жанры савецкай газеты” за тры з даважкам рублі. (І для чаго ім спатрэбілася менавіта гэтая сума?) Я тады ўпершыню задумаўся пра марнасць суб’ектыўнай ацэнкі кніжнага кошту. Пэўны баланс у дадзеным кірунку ўсталяваў для сябе толькі тады, калі ля сталічнага Чэрвеньскага рынку прыдбаў у нейкага дзядзькі двухтомнік Жванецкага за сорак тысяч рублёў. А колькі кніг у мяне скралі! Малдаўскія казкі, апавяданні і раманы Чапека і Твена, паморскія аповесці Бадзігіна! Апошняя страта — выданне запісных кніжак Даўлатава. Хто браў? Аддайце!..
Як унармаваць гэты бясконцы кнігазварот, што паддаецца абсалютна невядомым прыродным законам? Па маім цвёрдым перакананні, зрабіць гэта павінна бібліятэка. Універсальная і аўтарская. Спынімся на апошнім азначэнні. Памятаеце фільм Герасімава “Ля возера”, дзе гераіня Белахвосцікавай аддала дзяржаве сямейную бібліятэку і стала працаваць у ёй бібліятэкарам? Кнігі збіраліся некалькімі пакаленнямі, таму гераіня стужкі ведала не толькі месцазнаходжанне кожнай на паліцах, але і пра ўнутрысямейны лёс любога выдання. Уяўляеце, якой прафесійнай была гаворка з чытачом! Такую ўстанову і варта называць аўтарскай. Усе бібліятэчныя працэсы адсочвае асоба з напрацаваным талентам беспамылковага лоцмана ў бясконцым кніжным моры. Прыклад аўтарскай бібліятэкі — рыжская ўстанова сатырыка Міхаіла Задорнава, пра якую мы згадвалі шмат разоў.
А цяпер зоймемся класіфікацыяй бібліятэк (найперш — раённых ды сельскіх), што, на маю думку, павінны стаць у самай недалёкай будучыні не толькі надзейнай “пасткай” для сталых кнігалюбаў, але і гарантаванай прынадай для тых, хто яшчэ не трапіў у палон чытання. Дык вось…
Бібліятэка-кнігарня. На абанеменце выбіраем, у букіністыцы — купляем. Можна абмяняць уласны непатрэбны том на штосьці больш цікавае. У маладосці, калі праўдамі і няпраўдамі збіраў дэфіцытныя выданні, заўжды купляў двайныя экзэмпляры ўлюбёнай фантастыкі (балазе ўсе прадаўшчыцы веткаўскай кнігарні былі добрымі знаёмымі), што давала магчымасць выменьваць кнігі і ў збіральнікаў-канкурэнтаў. Пэўную колькасць дубляў захаваў і па сёння, вось для такіх, напэўна, бібліятэк-кнігарняў… Аўтарская бібліятэка прадугледжвае абарачэнне абанементных кніг з аўтографамі іх аўтараў. Па гэтыя аўтографы не грэх скіравацца ў Мінск, Маскву, Пецярбург. Дарэчы, мае знаёмыя сталічныя бібліятэкары так і робяць. І толькі не трэба мне казаць, што для продажу ды абмену кніг у бібліятэчных умовах патрэбны дазволы, ліцэнзіі і адпаведная прававая база. Вось прыватнік, ён усяго даб’ецца. А бібліятэкар-дзяржаўнік?.. Няўжо будучыня — за прыватным кніжным капіталам?!
Бібліятэка-(кіна)тэатр. Як прывабіць да кніжных паліц маладзёнаў? Сцэнай ці экранам, што размесцяцца ля гэтых самых паліц. Ад двойкі па літаратуры мяне выратаваў нядзельны тэлепаказ “Злачынства і пакарання”. З-за гуляў не паспяваў справіцца з Дастаеўскім. А тут — бліскучы Тараторкін у ролі Раскольнікава. У панядзелак — пяць балаў у дзённік! Гэта потым ужо прыйшла, не, не любоў, а проста павага да Дастаеўскага… Ці не такім чынам, паступова, крок за крокам, трэба браць у кніжны палон падрастаючае пакаленне? Спачатку паказваць лепшыя экранізацыі ці сцэнічныя перастварэнні (сіламі чытацкага актыву), а потым і выданні пад руку падсоўваць. Не сакрэт, што пасля экранізацыі "Майстра і Маргарыты" кніжкі гэтыя зніклі з бібліятэчных паліц… Так, клопату бібліятэкарам дадасца. Але ж не баяцца яго, да прыкладу, у Асіповіцкім раёне, дзе літаратурныя тэатралізацыі сталі нормай.
Бібліятэка-музей. Абанеменцкая і чытальная залы пераўтвараюцца яшчэ і ў музейныя экспазіцыі, дзе сабрана ўсё, што датычыцца Кнігі. Злавіў сябе на думцы, што больш чым за сорак гадоў чытацкай дзейнасці ніколі не звяртаў увагі на кніжныя выстаўкі (калі яны не тычыліся навінак). Дык мо сапраўды іх час адышоў у нябыт? Якія экспанаты бачацца? Аўдыявідэазапісы пісьменніцкіх выказванняў і меркаванняў. Дзе іх браць, глядзі вышэй. Рукапісы і фотаздымкі. Давайце шанаваць літаратараў не толькі пасля іх смерці. А пры такім шанаванні яны да вас і прыедуць, і мора падарункаў пакінуць, сярод якіх будуць і кніжкі з аўтографамі.
Экспанатамі стануць і старадрукі. Асабліва пры ўмове, што бібліятэка-музей будзе пастаянна супрацоўнічаць з бібліятэкай-кнігарняй-букіністыкай. У аўтарскай бібліятэцы цяжка абысціся без аўтарскай кнігі. Мне асабіста падабаюцца міні-арт-выданні: маленькія асобнічкі, зробленыя і аформленыя сваімі рукамі. Каштуюць яны вельмі дорага, таму калекцыя мая павялічваецца марудна. А ў вашай установе гэтым можа заняцца асобнае бібліятэчнае фарміраванне. Толькі б тэксты ў тых выданнях не былі б графаманскімі. Сярод экспанатаў хацеў бы бачыць і фотаздымкі ўсіх (!) помнікаў, пастаўленых у свеце ў гонар літаратурных герояў.
І апошні тып — змяшаны: бібліятэка-кнігарня-музей-тэатр. Уяўляеце, што дасць на выхадзе такі магутны кангламерат? Вы запытаеце, які ж для гэтага спатрэбіцца штат. Адказваю: той жа. Аднаго бібліятэкара, калі ён генератар ідэй і аўтар усіх праектаў, для аўтарскай бібліятэкі хопіць. Усё астатняе пры правільнай пастаноўцы спраў рабіць будуць удзячныя чытачы. Яшчэ для гэтага і ў чаргу выстраяцца…
Чым бы я яшчэ аб’яднаў свае бібліяпражэкты? Дробязямі, якія заўжды мілыя не толькі сэрцу і душы. Абавязковая рэч — кававы апарат. Аўтарская бібліятэка — гэта амаль сямейны асяродак. Самым актыўным чытачам — ганаровыя пасведчанні, прызы і разнастайныя кніжныя бонусы. Самым горшым, што спазняюцца з вяртаннем, — дошка ганьбы. Далей. Традыцыйнымі павінны стаць сустрэчы з пісьменнікамі — не з графаманамі, а з сапраўднымі і ўсеагульна прызнанымі творцамі. (Калі, да прыкладу, пісьменніка Андрэя Федарэнку афіцыйна запросяць чытачы, ён вокамгненна зазбіраецца ў самую дальнюю дарогу, бо яму ёсць што распавесці і пра "Вёску", і пра бібліятэкараў.) Кветкі (як на Шуміліншчыне), мастацкія выстаўкі, пастаянныя і зменныя (як у Глуску) — гэта само сабой. Любая адметная аздоба стварае хатнюю ўтульнасць. Таму камін ў чытальнай зале — справа зімой незаменная...
Ну навошта мне гармідар?
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ |
“Ёсць грэх больш цяжкі, чым паліць кнігі. Напрыклад — не чытаць іх”. Гэта — Рэй Брэдберы. Ягоныя словы, напісаныя дзясяткі гадоў таму, актуальныя і сёння. А яшчэ больш яны будуць актуальныя заўтра, калі рыдары, планшэты ды смартфоны будуць мець нават дзеткі ў дзіцячых садках, не кажучы ўжо пра іхніх татаў і мамаў.
І што рабіць у падобнай сітуацыі бібліятэкам? Ладзіць музычныя вечарыны ды конкурсы на лепшыя чытанні вершаў? Усталёўваць у чытальных залах кава-машыны ды бясплатны Інтэрнэт? Але ж ці здолее гэта прыцягнуць у “храмы кніг” чытачоў? Што да мяне, дык я ў гэтым сумняваюся.
Патлумачу, чаму. Справа ў тым, што на маім камп’ютары закачана прыкладна 10 гігабайтаў разнастайных кніг — ад сусветных шэдэўраў да класікаў беларускай літаратуры. Навошта мне ісці ў бібліятэку? Музычныя спевы ды чытанне вершаў толькі перашкодзяць мне чытаць упадабаную кнігу. А заварыць каву або чай я магу і дома.
Бібліятэкай я карыстаюся і буду карыстацца да таго часу, пакуль буду ўпэўнены, што заўсёды змагу знайсці патрэбную мне кнігу. Да прыкладу, зараз я хацеў бы пачытаць творы тых беларускіх аўтараў, што апынуліся ў шорт-лісце нядаўняй Літаратурнай прэміі Гедройца. Ці пагартаць некалькі спецыялізаваных выданняў па дыялекталогіі або па гісторыі беларускай мовы. Калі гэтыя фаліянты будуць чакаць мяне ў Доме кнігі, дык я абавязкова туды завітаю, аддам грошы за сканаванне ці капіраванне патрэбнай літаратуры, пасяджу колькі гадзін у чытальнай зале і, магчыма, нават пап’ю кавы з аўтамата. Але нейкіх іншых бібліятэчных навінак я не прыму. Бо мне не патрэбны падобныя інавацыі з тлумам і слоўным гармідарам, гучнымі размовамі ці песнямі. Я проста хачу мець як мага лягчэйшчы ды прасцейшы доступ да ўлюбёных кніг ды гартаць іх у цішы да спакоі. І гэта ўсё, што мне патрэбна ў бібліятэцы.
Цалкам магчыма, што маладым людзям у храмах кніг патрэбна нешта іншае, але я ў гэтым не ўпэўнены. Навошта ім музычныя вечарыны сярод стэлажоў, калі можна схадзіць на канцэрт? Навошта бясплатны Інтэрнэт, калі сёння доступ у Сеціва настолькі лёгкі і даступны амаль у любой кропцы? Навошта ім удзельнічаць у конкурсе на лепшае чытанне вершаў? Наўрад ці гэта вельмі цікава…
Так што я дакладна не ведаю, якой мае быць бібліятэка будучыні. Я хацеў бы, каб яна заставалася такой, як і цяпер. Магчыма, — з лепшай матэрыяльна-тэхнічнай базай, з утульнымі памяшканнямі ды крэсламі, з вялікім кніжным фондам, з разнастайнай перыядычнай літаратурай і вялізнай колькасцю газет... Як, натуральна, і з вялікай колькасцю камп’ютараў, з бясплатным і даступным выхадам у Інтэрнэт.
Не, я не кажу пра тое, што бібліятэкарам не трэба шукаць разнастайныя падыходы, каб прывабіць наведвальнікаў. Трэба! Напрыклад, варта замаўляць ды выстаўляць у залах тую літаратуру, якую абавязкова будуць чытаць як бацькі, так і іхнія дзеці. Яшчэ няблага было б складаць рэйтынгі новых кніг, расказваць пра кніжныя навінкі ў невялікіх анатацыях, змешчаных дзе-небудзь на сценах у чытальных залах, ладзіць конкурсы на лепшага чытача, адорваючы пераможцу новай кнігай — менавіта той, якую ён марыў набыць. А яшчэ — прапаноўваць новыя газеты разнастайнай тэматыкі (чым больш, тым лепш!) у вольны доступ адразу з раніцы — раней за шапікі “Белсаюздруку”…
Гэтыя і многія іншыя падобныя акцыі, мабыць, змогуць прывабіць у бібліятэку людзей. Але, на мой погляд, усё адно чытачы ў “храмы кніг” будуць прыходзіць тыя, якія прыходзілі туды заўсёды. Тыя, каму падабаецца пах кніжных старонак і спакой у бібліятэцы. Тыя, што гартаюць новыя выданні так сама, як гарталі кнігі Бібліі ці жыція святых кніжнікі пачатку XII стагоддзя ў Полацку ці Тураве… І цягнуць гэтых чытачоў у бібліятэкі не трэба. Бо яны туды і так завітваюць: хто — штодзень, а хто — штотыднёва.
Прыйдзе туды і моладзь. Па кнігу, што пазначана ў праграме. Па тое, каб даведацца больш пра гарадок Прыпяць ці танк Т-34, якія часта ўпамінаюцца ў любімых камп’ютарных гульнях. Прыйдуць, бо туды будзе часцяком наведвацца ўпадабаная дзяўчына-выдатніца. Прыйдуць, бо бібліятэкарка заўсёды падкажа, што цікавага можна пачытаць у час вясенніх канікул, а пасля ўразіць сваім інтэлектам тую ж каханую дзяўчыну-аднакласніцу… І для гэтага не трэба рабіць з бібліятэкі забаўляльную ўстанову. Трэба даць ёй жыць. Трэба яе проста любіць. Таксама, як і кнігі.
Заробак жа аднолькавы і ў “іншых”...
Кастусь АНТАНОВІЧ |
Згадалася выдатная назва штогадовага конкурсу: “Бібліятэка як асяродак нацыянальнай культуры”. Так-так, бібліятэка — гэта менавіта тое месца, дзе культура не проста выжывае, а дзе яна культывуецца, папулярызуецца, становіцца даступнай для ўсіх і кожнага.
Тым не менш, часам даводзіцца чуць:
маўляў, калі ў раённай бібліятэцы няма штодня эннай колькасці наведвальнікаў — яе варта закрыць. А чаму б і не, скажа руплівы гаспадар. Дастаткова набыць у Кітаі ды ўстанавіць апарат па выдачы кніг, пра які ў свой час пісала “К”. І акупіцца ён за пару гадоў. І нібыта ахопленасць насельніцтва паслугамі сферы культуры застанецца на ранейшым узроўні, а, можа, на паперы яшчэ і вырасце…
Але ж бібліятэка, асабліва сельская, — гэта тое месца, дзе можна перавесці дух ад клопатаў па гаспадарцы, пагутарыць з цікавым (а менавіта такім суразмоўцам і павінен быць бібліятэкар) чалавекам, зрэшты, павысіць свой інтэлектуальны ўзровень. А вось закрыццё сельскіх бібліятэк (можна як заўгодна называць гэты працэс) вядзе да знішчэння таго самага асяродка нацыянальнай культуры.
З іншага боку, як паказвае камандзіровачны досвед, і самі сельскія бібліятэкі ў пераважнай большасці не могуць чымсьці асаблівым пахваліцца, прапанаваць патэнцыйнаму чытачу той спектр паслуг, які быў бы яму цікавы, патрэбны ў паўсядзённым жыцці. Узнікае лагічнае пытанне: чаму, за аднолькавы заробак, адзін бібліятэкар прываблівае да сябе ці не ўсю вёску, людзей розных сацыяльных статусаў ды ўзростаў, а іншы бавіць працоўны час у чаканні наведвальніка? На жаль, гэтых “іншых” значна больш. Яны рупліва вядуць каталог і картатэку, улік чытачоў, ездзяць на курсы павышэння кваліфікацыі, а вынік у іх — нязменны ды несуцяшальны…
І як не згадаць з гэтай нагоды прыклад набіўшай многім аскоміну сваёй узорнасцю Любаншчыны. Як не прыйсці ў бібліятэку вёскі Камуна, дзе штотыдзень адбываецца тэматычная імпрэза, тыя ж сустрэчы аматараў кулінарыі і практыкуючых садаводаў-агароднікаў. Як не адзначыць выдатны прыклад Ашмяншчыны, дзе бібліятэкарцы з Кальчуноў (між іншым, на пенсіі) хапае сіл ды часу арганізаваць насычаную і змястоўную працу з дзецьмі ды моладдзю, а апрача таго — ладзіць заняткі па аздараўленчай гімнастыцы з мясцовымі пенсіянерамі…
Трэба зразумець, што надышоў час (няхай са мной многія і не пагодзяцца), калі бібліятэка перастала быць выключна пунктам кнігавыдачы (для гэтых мэт існуе бібліобус), а стала сацыякультурным цэнтрам для развіцця вёскі. Цэнтрам, дзе можа быць створана калі не кавярня, то хаця б гасцёўня, цэнтрам, куды з радасцю ўзімку прыйдзе мясцовы рабацяга, а ўлетку — дачнік са сталіцы. Цэнтрам, куды малады чалавек з планшэтам у руцэ прыйдзе не па друкаванае выданне, а па параду, якую кнігу яму спампаваць з Інтэрнэту ды прачытаць у вольны час. Цэнтрам, дзе дзеці змогуць рэалізаваць свае творчыя здольнасці, напісаць першыя нясмелыя паэтычныя радкі…
Такі Цэнтр не вырашыць усіх праблем нашага грамадства, але, прынамсі, зробіць яго больш гуманным, дапытлівым, здольным смела разважаць і мець свой пункт погляду на з’явы, што адбываюцца навокал. І, у рэшце рэшт, дапаможа палюбіць сваю родную Культуру.
"...бібліятэка перастала быць выключна пунктам кнігавыдачы (для гэтых мэт існуе бібліобус), а стала сацыякультурным цэнтрам для развіцця вёскі."
ОтветитьУдалитьА для якіх мэт існуе сельскі клуб, дазвольце пацікавіцца, калі бібліятэка стала на яго месца???